ГлавнаяРегистрацияВход Книга ПАМЯТЬ “Смолевичский район” Пятница, 24.11.2017, 10:34
  У СКЛАДЗЕ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА I РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ Приветствую Вас Гость | RSS

 
 

Непасрэдных пісьмовых звестак аб Смалявіччыне ў старажытнарускі перыяд (X —XIII ст.) не захавалася. Паселішчы, якія, безумоўна, існавалі тут у тэты час, не трапілі ў поле зроку летапісцаў. Можна толькі гіпатэтычна меркаваць, што тэрыторыя раёна ўваходзіла ў адно з удзельных княстваў Полацкай зямлі, — хутчэй за ўсё, у Менскае княства, якое адасобілася ў XI ст. у якасці ўдзела Глеба Усяславіча, аднаго з сыноў полацкага князя Усяслава Чарадзея. 3 летапісаў вядома, што Глеб Менскі праводзіў даволі актыўную палітыку, неаднаразова ваяваў з кіеўскім князем Уладзімірам Манамахам, але ў рэшце рэшт пацярпеў паражэнне, пасля чаго памёр у 1119 г.

Пасля смерці Глеба яго ўдзел дастаўся, напэўна, яго старэйшаму сыну Расціславу. Яшчэ праз дзесяць гадоў, у 1129 г., кіеўскі князь Мсціслаў (сын Манамаха) за непаслухмянасць выслаў полацкіх князёў, у тым ліку і Расціслава Глебавіча, у Візантыю. Але яшчэ праз некалькі гадоў большасць нашчадкаў Усяслава Чарадзея вярнулася са ссылкі і атрымала свае папярэднія вотчыны. Расціслаў зноў стаў менскім князем і ў сярэдзіне XII ст. вёў упартую барацьбу са сваім стрыечным братам Рагвалодам Барысавічам за Полацк. Разам з ім дзейнічалі яго браты Усевалад (ён упамінаецца ў летапісах да 1158 г.) і Валадар, які пасля смерці Расціслава ў 1161 г. княжыў у Менску і памёр у 1167 г. Магчыма, быў у Расціслава яшчэ адзін брат — Мікула, які пакінуў сына Усяслава. Замацавацца ў Полацку Глебавічам не ўдалося, пасля чаго ім засталося задаволіцца сваёй вотчынай у Менску. Гэта вотчына зведала такое ж самае драбленне на ўдзельныя княствы, як раней і Полацкая зямля. Кожны з братоў атрымаў свой удзел, і адным з такіх удзелаў, верагодна, ужо ў сярэдзіне XII ст. стаў Лагожаск (сучасны Лагойск). У 1181 г. у якасці лагожскага князя выступав якраз той Усяслаў Мікуліч, якога мы прыгадвалі крыху раней. У 1186 г. уладальнікам Лагожска быў ужо іншы прадстаўнік роду Глебавічаў — Васілька, сын Валадара. Пасля гэтага звесткі пра Менскае княства і яго ўдзелы надоўга знікаюць са старонак летапісаў.

Паколькі Смалявіччына знаходзіцца прыкладна на роўнай адлегласці ад Менска і Лагожска, цяжка сказаць, да якога з двух княстваў яна належала. Не выключана, што ўсходняя частка сучаснага раёна адносілася і да трэцяга цэнтра — Барысава, які таксама існаваў у той час. Барысаўскі ўдзел, хутчэй за ўсё, вылучыўся з Друцкага княства, вотчыны Рагвалода Барысавіча і яго нашчадкаў.

Прыкладна ў 1320я гады ўся цэнтральная Беларусь, дзе знаходзіліся Менскае, Лагожскае і Барысаўскае княствы, увайшла ў склад Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ), на чале якога ў той час стаяў вялікі князь Гедзімін. Апошні менскі князь Васіль прыгадваецца ў летапісе ў 1323 г., калі ён быў васалам Гедзіміна і ў якасці яго пасла ездзіў з дыпламатычнай місіяй у Ноўгарад. Пазней Менскае княства непасрэдна увайшло ў лік уладанняў вялікіх князёў літоўскіх і кіравалася іх намеснікамі. Тое ж адбылося і з Барысаўскім княствам, і з Лагожскім, якое ахоплівала, прынамсі, частку Смалявіччыны, калі не болыпасць яе. Лагожаск зноў прыгадваецца ў 1387 г., калі тагачасны вялікі князь і адначасова польскі кароль Ягайла Альгердавіч (унук Гедзіміна) асобнай граматай пацвердзіў свайму брату Скіргайлу валоданне шматлікімі княствамі і маёнткамі ў ВКЛ. Сярод іх названы і Лагожаск, прычым прыгадваецца, што папярэдне яго «трымаў» нейкі Войшвіл — літоўскі баярын, ці, паводле адной з гіпотэз, адзін са шматлікіх Гедзімінавых унукаў (сын Кейстута). Хутка пасля гэтага, у 1392 г., да ўлады ў ВКЛ прыйшоў энергічны і таленавіты палітык — Вітаўт Кейстутавіч. Пры ім многія ўдзельныя княствы былі скасаваны, а іх тэрыторыі пачалі па частках раздавацца ў якасці маёнткаў прадстаўнікам новай сацыяльнай групы — панам, якія з часоў Вітаўта займалі намесніцкія і іншыя дзяржаўныя пасады. Большасць паноў паходзіла са старажытнага літоўскага баярства, ахрышчанага ў каталіцтва пасля Крэўскай уніі ВКЛ з Польшчай у 1385 г. Паводле ўмоў гэтай уніі, а таксама Гарадзельскай уніі 1413 г. толькі католікі мелі права займаць высокія дзяржаўныя пасады, а праваслаўная знаць, якая паходзіла з нашчадкаў старажытнарускіх князёў і іх баяр, адсоўвалася на другі план. Адным з тыповых прадстаўнікоў гэтага слоя каталіцкіх паноў, што імкліва ўзвышаліся з часоў панавання Вітаўта, быў крэўскі намеснік Судзімонт Доргевіч, стрыечны брат заснавальніка славутага роду Радзівілаў — Радзівіла Осцікавіча. За службу вялікім князям пан Судзімонт атрымаў шэраг маёнткаў, значная частка якіх была вылучана са складу былога Лагожскага княства. Ужо пасля яго смерці, у 1448 г., яго сын Алехна заснаваў у адным з гэтых маёнткаў — Астрошыцах — касцёл, на забеспячэнне якога ахвяраваў плябану мядовую даніну з 12 сялянскіх службаў у належачых яму паселішчах Смалявічы (у тэксце Смальнявічы) і Глебкавічы. Так мы ўпершыню сустракаем у дакуменце непасрэднае ўпамінанне сённяшняга райцентра Смалявічы, які ў той час уваходзіў у склад уладанняў Алехны Судзімонтавіча. Да гэтага ж маёнтка адносіліся і Глебкавічы, размешчаныя за р. Волма, у сучасным Мінскім раёне каля самой мяжы са Смалявіцкім.

Такім чынам, пісьмовая гісторыя Смалявіччыны пачынаецца з 1448 г. На жаль, першыя радкі яе вельмі ўрывачныя. Вядома, што Алехна памёр у 1491 г., не пакінуўшы сыноў. Яго ўладанні былі падзелены паміж трыма дочкамі — Аляксандрай, жонкай польскага магаата Мікалая Тэнчынскага, Соф'яй, жонкай літоўскага князя Аляксандра Гальшанскага, і Ядвігай, якая выйшла спачатку за пана Станіслава Барташавіча Монтаўта, а потым, аўдавеўшы, — за Станіслава Янавіча Кезгайлу. Напэўна, камусьці з іх належаў і маёнтак Смалявічы, але ўпамінанні пра яго не захаваліся ў дакументах, што дайшлі да нас.

Праўда, у Смалявіцкай царкве яшчэ ў XIX ст. захоўваўся пергамін, паводле якога ў 1507 г. Смалявічы былі ўласнасцю славутага палкаводца князя Канстанціна Астрожскага. Гэты дакумент у 1867 г. быў надрукаваны, дзякуючы чаму набыў шырокую вядомасць. Доўгі час яго нават лічылі першым упамінаннем пра Смалявічы, бо больш ранняя звестка 1448 г., згаданая вышэй, была надрукавана ў малавядомым выданні і не ўвайшла ў шырокі ўжытак.

У дакуменце 1507 г. князь Астрожскі ахвяруе на карысць заснаванай ім у Смалявічах праваслаўнай царквы св. Міколы шэраг ворных зямель і сенажацей. Але з гэтым дакументам не ўсё так проста. Папершае, ён датаваны 7 сакавіка, але ў той час князь Канстанцін не мог выдаць гэтую грамату, бо знаходзіўся ў палоне ў Маскве, адкуль уцёк толькі ў канцы лета. Па другое, сведкамі пры афармленні граматы пазначаны князь Багдан Іванавіч Саламярэцкі і пан Ежы Скумін Тышкевіч, якіх у 1507 г. яшчэ не было на свеце. Нарэшце, сама мова дакумента не адпавядае рэаліям пачатку XVI ст. — зямля ў ім вымяраецца на валокі, у той час як сам тэрмін «валока» ўвайшоў ва ўжытак у ВКЛ некалькімі дзесяцігоддзямі пазней. Такім чынам, славуты пергамін трэба прызнаць фальшыўкай, зробленай недзе ў XVII ст. ці нават XVIII ст. Хутчэй за ўсё, Канстанцін Астрожскі не валодаў Смалявічамі, бо яны не ўпамінаюцца сярод яго шматлікіх уладанняў у дакументах, што бясспрэчна былі створаны пры яго жыцці.

Апрача Смалявіцкага маёнтка, на той час тэрыторыя раёна адносілася да некалькіх феадальных уладанняў. Адным з іх быў маёнтак Шыпяны, які ўпершыню згадваецца ў 1495 г. у сувязі з тым, што вялікі князь Аляксандр Казіміравіч падараваў яго Віленскаму каталіцкаму біскупству3. Гэты маёнтак, як вынікае з больш позніх звестак, займаў вялікую, але параўнальна слаба заселеную тэрыторыю ў паўднёваўсходняй частцы сучаснага Смалявіцкага раёна, паміж рэкамі Пліса і Уша. Папярэдне ён, напэўна, быў вылучаны са складу вялікай Барысаўскайволасці, якая прасціралася далей на ўсход, у сучасны Барысаўскі раён. 3 моманту гэтага падаравання і да канца XVIII ст. (амаль дакладна 300 гадоў) Шыпяны заставаліся ўласнасцю Віленскага біскупства.

Паўночназаходняя частка Смалявіччыны ў міжрэччы р. Усяжа і яе прытока Домелькі (Домлі) уваходзіла ў склад Лагожскага княства, якое ў сярэдзіне XV ст. часткова належала, як ужо прыгадвалася, пану Алехну Судзімонтавічу і затым яго нашчадкам па жаночай лініі, а часткова — князю Алельку (Аляксандру) Уладзіміравічу, аднаму са шматлікіх унукаў вялікага князя Альгерда, а потым яго малодшаму брату Андрэю. Адным з баяр Андрэя Уладзіміравіча быў нейкі Пятро (Петка), які ў 1450я гады атрымаў ад яго за службу сяло Калодзезі ў Лагожскім княстве. Гэта вынікае з больш позняга велікакняжацкага прывілея, датаванага 1493 г., у якім права валодання Калодзезямі было пацверджана сыну Петкі Богушу на тых жа ўмовах, на якіх яно было падаравана Петку князем Андрэем.

Тым часам пасля смерці Андрэя Уладзіміравіча ў 1457 г. Лагожаск перайшоў ва ўласнасць вялікага князя, але неўзабаве быў падараваны ў 1460 г. яшчэ аднаму нашчадку Альгерда — князю Аляксандру Васільевічу Чартарыжскаму (Чартарыйскаму). Пасля яго смерці ў канцы XV ст. засталіся сын Сямён і дачка Аўдоцця, якая выйшла замуж за ўцекача з Масквы князя Андрэя Мажайскага.

У 1496 г. князь Сямён Аляксандравіч атрымаў ад вялікага князя Аляксандра прывілей, у якім пацвярджалася яго вотчыннае права на Лагожаск «и тые села, што к Логожску слушают и што бояре логожские держат», за выключэннем маёнткаў Калодзезі і Новы Двор, якія папярэдне былі перададзены ў пажыццёвае карыстанне яго сястры Аўдоцці. Але вялікі князь пазначаў, што ў выпадку смерці Аўдоцці гэтыя маёнткі павінны быць зноў далучаны да Лагожска. 3 гэтага вынікае, што Калодзезі ці, прынамсі, частка іх у той час ужо не належалі Богушу Петкавічу, а зноў утваралі частку Лагожскага маёнтка.

Такім чынам, Калодзезі сталі першым паселішчам на тэрыторыі лагожскай часткі Смалявіччыны, якое трапіла на старонкі пісьмовых крыніц. Крыху пазней прыгадваецца іншае паселішча — Прылепы, якое таксама бясспрэчна існавала ўжо ў XV ст. Палавінай яго валодаў нейкі Дорка (магчыма, адзін з баяр князя Чартарыжскага), а потым яго нашчадкі, з якіх пані Марына на пачатку XVI ст. была жонкай пана Яна Завішы. Другая палавіна Прылеп заставалася ў складзе Лагожскага княства, пакуль князь Сямён Чартарыжскі не прадаў яе велікакняжацкаму пісару Івану Яцкавічу за 120 коп грошаў. Потым уласніцай гэтай часткі стала дачка пана Яцкавіча Ганна — жонка князя Васіля Шаховіча (Саламярэцкага). У верасні 1512 г. князь Саламярэцкі з жонкай прадалі сваю частку Прылеп «на реце Всяжи, с людьми нашими непохожими, тяглыми, и з их жонами, и з детьми, и з землями их пашными и бортными, и з их службами, и з дяклы, и со всими их платы и доходы» праваслаўнаму мітрапаліту Іосіфу.

   



[2]   [3]

 
 
Форма входа

Календарь новостей
«  Ноябрь 2017  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930

Поиск

Друзья сайта

Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
 

Copyright MyCorp © 2017