ГлавнаяРегистрацияВход Книга ПАМЯТЬ “Смолевичский район” Вторник, 23.04.2024, 22:05
  У СКЛАДЗЕ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА I РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ Приветствую Вас Гость | RSS

 
 

Крыху пазней, у лютым 1518 г., мітрапаліт Іосіф набыў за 200 коп грошаў у Яна Завішы і яго жонкі Марыны тую частку Прылеп, што належала ім. Дакумент, складзены з гэтай нагоды, падрабязна пералічвае склад маёнтка. У яго ўваходзілі 10 сямей сялян — «людей данных», названых пайменна, «з их братьею, жонами и детьми, и с пустовщинами, землями пашными и бортными, сеножатьми, лесами, дубровами, данью грошовой, медовой и куничной, и з дяклы, бобровыми гонами и ловами звериными и пташными, и з гнездом сокольим». Апісвалася і мяжа зямельнага абшару, што належаў да маёнтка: яна пачыналася амаль ад вытокаў р. Усяжа і цягнулася ўздоўж яе, пакідаючы на левым беразе землі Астрошыцкага маёнтка, далей па Усяжы да ўпадзення ў яе Домлі, потым заварочвала ўгару па цячэнні Домлі, збочвала з яе, перасякала дзве дарогі, што ішлі з Барысава на Прылепы і на Менск, і ішла далей на захад, у сучасны Мінскі раён, дзе Прылепскі маёнтак межаваў з маёнткамі Цна, Бралева, Бараўляны і Астрошыцы.

Тэрыторыя Прылепскага маёнтка была даволі вялікай, але слаба заселенай — на абшары даўжынёй звыш 15 км і шырынёй у 2 — 3 км знаходзіліся ўсяго 10 сялянскіх гаспадарак. Праўда, кожную такую гаспадарку ўтварала вялікая непадзельная сям'я, што ўключала дарослых братоў з жонкамі і дзецьмі. У адным такім двары маглі жыць разам 10—15 чалавек.

Тэрміналогія абодвух дакументаў дазваляе нам зазірнуць у гаспадарчае жыццё маёнтка пачатку XVI ст. Мы бачым, што яго насельнікі былі прыгоннымі сялянамі — «людзьмі непахожымі», якія не маглі па ўласным жаданні змяніць месца жыхарства. У першым дакуменце яны названы «цяглымі», у другім — «даннікамі». Гэта значыць, што сяляне мусілі выконваць пэўныя павіннасці («цягло») і выплачваць свайму пану даніну. Характар яе добра апісаны ў другім дакуменце: даніна складалася з грошай, мёду, пушніны і натуральных падаткаў збожжам — т.зв. «дзякла». За выплату даніны, напэўна, адказваў упаўнаважаны з ліку саміх сялян — старац. Сялянскія надзелы, за карыстанне якімі яны павінны былі выконваць адзначаныя павіннасці, называліся «службамі». Калі такая служба не была занята ніводнай сялянскай сям'ёй, яна называлася «пустаўшчынай». Апрача таго, у склад маёнтка ўваходзілі ляс ныя абшары, дзе на дрэвах знаходзіліся калодыборці для пчол. Менавіта з гэтых «бортных земляў» сяляне атрымлівалі мёд, якім выплачвалі частку даніны. Для здабычы пушніны існавалі спецыяльна вызначаныя месцы, дзе можна было паляваць на баброў — «бабровыя гоны» . Іншую групу паляўнічых угоддзяў утваралі «ловы» дзе, напэўна, былі расстаўлены пасткі на звяроў і птушак. Цікава, што ў адным з дакументаў спецыяльна пазначана сакалінае гняздо. Сокал як рэдкая птушка, якая выкарыстоўвалася для палявання, меў у той час настолькі вялікую каштоўнасць, што існаванне на тэрыторыі маёнтка яго гнездавання варта было агаварыць асобна.

За ўвесь маёнтак, апісаны ў дакуменце 1518 г., з яго 10 сялянскімі службамі мітрапаліт заплаціў 200 коп грошаў — гэта значыць 12 тысяч («капой» называлася лікавая мера ў 60 адзінак) сярэбраных грошаў, кожны з якіх на той момант утрымліваў прыкладна 1 грам серабра. Тая частка Прылеп, што была ім набыта раней, каштавала танней, — напэўна, была меншая па памерах ці па колькасці падданых.

Ад пачатку XVI ст. захаваліся яшчэ некалькі дакументаў, у якіх прыгадваюцца паселішчы лагожскай часткі Смалявіччыны. У пачатку 1525 г. вялікі князь Жыгімонт выдаў прывілей княгіні Аўдоцці Мажайскай, сястры памёршага крыху раней князя Сямёна Чартарыжскага. Узамен за тыя маёнткі, якія нябожчыкмуж Аўдоцці князь Мажайскі перад смерцю завяшчаў ёй у пажыццёвае карыстанне, вялікі князь перадаў ёй шэраг маёнткаў са складу Лагожскага княства, — верагодна, тыя паселішчы, што ячшэ да шлюбу былі вызначаны ёй у пасаг. Сярод іх зноў названы Калодзезі, а таксама Мглінічы, напэўна, сучаснае Мглё8.

Асноўная частка Лагожскага княства пасля смерці князя Сямёна, які не меў сыноў, падлягала падзелу паміж

дзвюма яго дочкамі. Адна з іх, Соф'я, была жонкай пана Федкі Гневашэвіча, а другая, Аляксандра — жонкай кіеўскага баярына Васіля Дішкавіча (яго нашчадкі пазней ужывалі прозвішча Тышкевічы). Аднак, нагадаем, была ў Лагожскім княстве яшчэ і доля нашчадкаў пана Судзіімонтавіча. Адна з яго дачок, Соф'я, была жонкай князя Аляксандра Галыпанскага. Ад гэтага шлюбу засталіся чатыры дачкі і сын Павел, якія падзялілі матчыны маёнткі пасля яе смерці ў 1517 г. Адна з дачок, Ганна, была жонкай літоўскага пана Мікалая Юр'евіча Паца. Другая, Барбара, пастрыглася ў манашкі. Яна памерла ў 1525 г., перад смерцю завяшчаўшы сваю долю мацярынскай спадчыны брату Паўлу, які быў на той час луцкім біскупам, а пазней заняў вышэйшую духоўную пасаду ў ВКЛ — віленскага біскупа. Павел Галыпанскі ў кастрычніку 1527 г. саступіў тую частку спадчыны, што дасталася яму ад сястры Барбары, на карысць сястры Ганны і яе мужа Мікалая Паца. Сярод маёнткаў на тэрыторыі колішняга Лагожскага княства, якія прыгадваюцца з нагоды гэтага дару, названы і Сантокі, у якіх трэба бачыць скажоную на польскі лад форму назвы Сутокі9. Такім чынам, 1527 г. стаў датай першага ўпамінання гэтай вёскі.

Пазней, напэўна, абшар, які цягнуўся прыкладна да левабярэжжа р. Бродня і належаў да Сутокаў, быў набыты ўладальнікам Лагожска Васілём Цішкавічам (Тышкевічам), які актыўна скупаў у іншых саўладальнікаў іх часткі маёнтка, імкнучыся пазбавіцца цераспалосіцы. Вядома, напрыклад, што ён у 1528 г. выкупіў у свайго швагра Федкі Гневашэвіча тую частку Лагожска, які апошні атрымаў праз шлюб з Соф'яй Чартарыжскай. У завяшчанні, складзеным Васілём у канцы яго доўгага жыцця, у 1570 г., упамінаюцца шматлікія часткі Лагожскага маёнтка, набытыя ім рознымі шляхамі, у тым ліку «люди теж Мглинские с озером Мглем н Брннеем», а таксама частка Калодзезяў, набытая ў Гневашэвіча. Гэтыя ўладанні ён завяшчаў свайму старэйшаму сыну Юрыю і сынам апошняга — Федку (Фёдару) і Марціну10.

У другой палавіне XVI ст. Смалявічы перайшлі ва ўласнасць славутага роду Радзівілаў, у чыіх руках заставаліся потым на працягу амаль трох стагоддзяў. Першым прадстаўніком гэтага магнацкага роду, якому належаў Смалявіцкі маёнтак, быў Мікалай Юр'евіч Радзівіл па мянушцы Руды — адна з найбольш магутных постацей свайго часу. Удвух са стрыечным братам Мікалаем Янавічам Чорным яны карысталіся вялізным уплывам пры двары вялікага князя Жыгімонта Старога. Гэты ўплыў дасягнуў свайго апагею, калі адзіны сын вялікага князя Жыгімонт Аўгуст закахаўся ў сястру Рудога Барбару Радзівіл, маладую і прыгожую ўдаву магната Станіслава Гаштаўта. Радзівілы здолелі павесці справу так, што сын вялікага князя вымушаны быў ажаніцца з Барбарай насуперак усім прыдворным разлікам і дынастычным меркаванням. Калі Жыгімонт Аўгуст заступіў на трон пасля свайго бацькі, Радзівілы нечакана для многіх зрабіліся сваякамі самога вялікага князя. Нават пасля смерці Барбары ў 1551 г. яны захавалі свой вялізны ўплыў пры двары. Мікалай Чорны займаў адначасова ўсе вышэйшыя дзяржаўныя пасады — быў віленскім ваяводам, канцлерам і вялікім гетманам. Мікалай Руды быў трокскім ваяводам, а пасля смерці стрыечнага брата ў 1565 г. атрымаў усе яго пасады.

Сярод неабсяжных уладанняў Мікалая Рудога быў і маёнтак Смалявічы (на жаль, нам не ўдалося знайсці звесткі пра тое, якім чынам ён трапіў да яго). У складзе гэтага маёнтка знаходзілася і сяло Драчкова (Драчкава), населенае сялянаміданнікамі, якое ўпершыню прыгадваеццаў 1552 г.11

Са Смалявіцкім маёнткам Радзівілаў межавалі абшары, на якіх некалі, у значна больш раннія часы, былі паселены татары, што перасяліліся ў ВКЛ пад час шматлікіх усобіц у Залатой Ардзе, а затым у Крымскім ханстве. Вялікія князі, як правіла, не толькі давалі ім прытулак, але надзялялі зямлёй і прыгоннымі сялянамі на ўмовах абавязковай службы ў войску ВКЛ, дзе татары ўтваралі свае асобныя харугвы. Такім чынам, паводле свайго прававога статусу татары амаль не адрозніваліся ад мясцовай дробнай шляхты. Яны паступова перанялі беларускую мову і многія звычаі, але захавалі мусульманскае веравызнанне.

Першае непасрэднае ўпамінанне служылых татар Смалявіччыны датуецца 1558 г., калі адзін з іх, Пётр Андрэевіч Кадышэвіч, разам са сваёй жонкай Пацай Магметаўнай прадаў за 150 коп грошаў належачую яму частку сяла Паколіна (сучасны Пекалін) удаве свайго дзядзькі Магмета Кадышэвіча Ясі Уланаўне і яе сынам Дзміцеру і Андрэю. Гэтую частку сяла стваралі 5 сялянскіх гаспадарак, з якіх тры былі бацькоўскай спадчынай Пятра Кадышэвіча, а 2 дасталіся яму ў спадчыну пасля нябожчыка дзядзькі Юхны. У адзначаных пяці гаспадарках было 19 чалавек мужчынскага полу, якія абавязаны былі выплачваць грашовую, мядовую даніну і выконваць іншыя павіннасці12. Гэты дакумент сведчыць, што да сярэдзіны XVI ст. татарскія ўладанні ў Паколіне былі ўжо значна раздроблены паміж разгалінаванымі прадстаўнікамі роду Кадышэвічаў, прычым кожнаму з іх прыпадала зусім нязначная частка — літаральна некалькі чалавек.

Больш падрабязнае ўяўленне пра тагачасны стан татарскіх уладанняў дае перапіс, праведзены ў 1559 г. Праўда, арыгінал яго да нас не дайшоў, але гэты перапіс цалкам паўтараецца ў болып позняй «Рэвізіі маёнткаў, на службе вайсковай татарам нададзеных», складзенай у 1628—1629 гг. Рэвізія прыгадвае, што ў 1559 г. на тэрыторыі сучаснай Смалявіччыны існавалі зямельныя ўладанні цэлага шэрагу татарскіх родаў. У прыватнасці, братам Махмету, Абрахаму і Абдуле Якубавічам Цівячэвічам, якія мелі сваю галоўную сядзібу ў маёнтку Сялец Ашмянскага павета, належалі 26 дымоў і яшчэ 7 службаў даннікаў у сяле Драчкава, а таксама 2 службы ў Шэметаве. У тым жа Сяльцы мелі аселасць Асан Івашкавіч Кадышэвіч, які валодаў

2 службамі ў Шэметаве і 4 — у Драчкаве, і ўдава Улана Махмета з сынам Дзміцерам, якія мелі ў Шэметаве 5 уласных дымоў, а таксама 5 службаў (у іх — 11 дымы), набытых папярэдне ад Пятра Андрэевіча Кадышэвіча, і яшчэ

3 службы ў Паколіне. Яшчэ адзін татарын, Шэйх Амбякеевіч, які сам жыў у маёнтку Стараселле, меў 1 службу ў Драчкаве. Яшчэ 4 службы ў Шэметаве належалі сумесна Пятру і Яцку Мінбулатавічам, Якубу Абдулічу, Касыму Хуромжычу і ўдаве Муртазы Абдуліча з маёнтка Даўбуцішкі Ашмянскага павета, а, апрачатаго, Касыму Хуромжычу асобна належала яшчэ 5 дымоў. Нарэшце Фурс Улан з таго ж Ашмянскага павета валодаў 5 дымамі ў Драчкаве.

Рэвізія 1628 1629 гг. пазначае, што некалі з гэтых уладанняў татары выстаўлялі ў войска 8 коннікаў. Разам з тым адзначаецца, што ўсе гэтыя даннікі на момант паўторнай рэвізіі былі даўно страчаны татарамі і «невядома якім правам» адышлі да радзівілаўскага маёнтка Смалявічы13.

Што да ўласна Смалявіцкага маёнтка, то захаваўся яго інвентар, складзены ў 1588 г., калі маёнтак належаў сыну памёршага чатырма гадамі раней Мікалая Рудога Крыштофу па мянушцы Пярун. Цэнтрам маёнтка было мястэчка Смалявічы, заснаванае Крыштофам Радзівілам у 1586 г. Мястэчкам у тыя часы называлася гандлёварамесніцкае паселішча, жыхары якога мелі спецыяльны дазвол (прывілей) займацца апрача сельскай гаспадаркі вытворчасцю розных тавараў і гандлем. Такі прывілей, выдадзены Радзівілам 27 красавіка 1586 г., прыводзіцца ў інвентары. Паводлеяго, кожнаму, хто браў зямельны ўчастак (пляц) пад пабудову, прадстаўлялася вызваленне ад усіх падаткаў («слабада») на 16 гадоў. Мястэчка Смалявічы налічвала праз два гады пасля заснавання ўжо 37 двароў.

Апрача мястэчка ў склад маёнтка ўваходзіла і сяло Смалявічы, насельнікі якога не мелі прывілея і таму заставаліся звычайнымі сялянамі. У гэтым сяле было 40 валок — уніфікаваных зямельных надзелаў плошчай крыху болып за 21 га, якія ўводзіліся ў ВКЛ замест старых службаў з сярэдзіны XVI ст. 3 кожнай валокі вызначаўся, у залежнасці ад якасці глебы, пэўны памер павіннасцей, якія мусілі выконваць сяляне — карыстальнікі валокі. У прыватнасці, у Смалявіцкім маёнтку з кожнай валокі належала выплачваць штогод грашовы чынш у памеры 2 коп (120 грошаў), а таксама натуральны падатак у выглядзе бочкі жыта і бочкі аўса. Пэўную колькасць дзён трэба было адпрацаваць на панскім двары і ў выглядзе так званай «падводнай» павіннасці — на транспарціроўцы панскіх грузаў, куды належала прыходзіць са сваімі коньмі і падводамі.

Валока была даволі вялікім надзелам, таму яна рэдка перадавалася ў карыстанне адной сям'і. Звычайна сялянская гаспадарка трымала палавіну валокі, а часам, у залежнасці ад колькасці працоўных рук, і меншую яе частку — трэць альбо нават чвэрць валокі. Адпаведна змяншаўся і памер павіннасцей.

У сяле Смалявічы большасць намераных валок увогуле пуставала, бо сяло мела толькі 37 двароў. Падобны ж малюнак назіраўся ў іншых паселішчах Смалявіцкай воласці: сяло Зарэчча, альбо Пяцічы, мела 21 валоку зямлі і толькі 18 двароў, сяло Кацейкі (зараз не існуе) — 12 валок і 5 двароў, Пліса — 40 валок і 37 двароў, Забалоцце — 40 валок і 25 двароў, Шэметава — 24 валокі і 20 двароў, Драчкава — 45 валок і 41 сялянскі двор, апрача якіх было яшчэ 11 так званых агароднікаў, якія не мелі ворнай зямлі. На тэрыторыі сучаснага раёна ў склад маёнтка ўваходзілі таксама панскі двор Дайнараўка з гаспадарчымі пабудовамі і сяло Даманчышкі (пазнейшыя Дамашаны), у якім было 5 гаспадарак дворных парабкаў і 8 сялянскіх. Маёнтак цягнуўся далека на захад, пад самы Менск. У сучасным Мінскім раёне да яго належалі сяло і двор Гарадзішча, сяло і двор Слепня.

Але зямельныя ўладанні маёнтка далека не абмяжоўваліся сельскімі валокамі. Вакол сёл ляжалі вялізныя векавечныя пушчы, у якіх сяляне не толькі здабывалі мёд, але і расчышчалі невялікія ляды пад пасеў. Інвентар пералічвае шэраг «уступаў» у путчах вакол кожнага сяла.

У інвентары апісана таксама граніца Смалявіцкага маёнтка, якая пачыналася ад Слепні пад Менскам і ішла на ўсход уздоўж уладанняў праваслаўнага мітрапаліта, што належалі да маёнтка Прылепы. Потым пачыналася мяжа з землямі на правабярэжжы рэк Домля і Усяжа, якія адносіліся да маёнтка Астрошыцы, — напэўна, яшчэ з тых часоў, калі Смалявічы і Астрошыцы ўтваралі адзінае ўладанне. Далей на ўсход землі сяла Смалявічы межавалі з абшарам Лагожскага маёнтка, верагодна, з той яго часткай, якая адносілася да сёл Мгле і Сутокі, хоць яны непасрэдна ў інвентары не ўпамінаюцца. На момант складання інвентара ўласнікамі гэтых абшараў былі Марцін і Фёдар Юр'евічы Тышкевічы. Усю ўсходнюю частку сучаснага раёна займала вялізная пушча, па якой Смалявіцкі маёнтак паміж рэкамі Бродня і Жодыня межаваў з дзяржаўнай Барысаўскай воласцю, дзе таксама былі ловы паноў Тышкевічаў, а за Жодыняй і на поўдзень ад Плісы — з маёнткам Упірэвічы пана Лаўрына Ратомскага. Адтуль, зварочваючы на захад, землі смалявіцкіх сёл Зарэчча, Забалоцце і Шэметава межавалі з Шыпянамі Віленскага біскупства, а потым землі Шэметава — з татарскімі ўладаннямі сяла Паколіна.

Далей на поўдзень пачыналіся землі сяла Драчкава, межы якіх у інвентары чамусьці апісаны асобна. Гэта сяло гранічыла з татарскімі землямі, потым з маёнткам Астравіта пана Квяткоўскага і Ігуменскай воласцю, што належала Віленскаму біскупству. У гэтым месцы мяжа праходзіла прыблізна ўздоўж сучаснай граніцы Смалявіцкага і Чэрвеньскага раёнаў. Ад канца XVI ст. да нас дайшоў цэлы шэраг судовых дакументаў, звязаных з паселішчамі Смалявіччыны. Шматлікасць такіх дакументаў тлумачыцца тым, што паводле другога Статута ВКЛ, прынятага ў 1566 г., па ўсёй тэрыторыі дзяржавы ўводзіліся павятовыя земскія суды, у якіх павінны былі разглядацца маёмасныя справы мясцовай шляхты. Алрача таго, існаваў так званы гродскі (замкавы) суд, які разглядаў судовыя справы. Матэрыялы кожнага судовага працэсу абавязкова ўпісваліся ў актавую кнігу адпаведнага суда. Такі парадак застаўся нязменным і пасля Люблінскай уніі 1569 г., якая аб'яднала ВКЛ і Полыпчу ў адзіную канфедэрацыю — Рэч Паспалітую. Паводле ўмоў уніі, ВКЛ захоўвала асобны дзяржаўны апарат, фінансавую сістэму, войска і заканадаўства, але вышэйшыя органы кіравання (кароль і сейм) станавіліся агульнымі з Полынчай.

Да нас дайшла актавая кніга за 1582 г. Менскага павета, у склад якога пасля рэформы 1566 г. уваходзіла ўся тэрыторыя Смалявіччыны. Сярод актаў, зафіксаваных у ёй, у адным прыгадваецца сяло Дубровы, якое адносілася да маёнтка Астрошыцы. У маі 1582 г. уладальнік гэтага маёнтка Гаўрыла Іванавіч Гарнастай, берасцейскі ваявода і менскі староста, аддаў у заклад на 1 год пад забеспячэнне сумы ў 500 коп грошаў, пазычаных яму Янам Варпахоўскім, 26 валок у сяле Гагаліцы (сучасная Галіца ў Мінскім раёне) і 20 валок у Дубровах, а таксама 8 валок ворнай зямлі з людзьмі ва ўрочышчы Абысека15.

Наступная звестка тычыцца скаргі архімандрыта Менскага праваслаўнага мужчынскага манастыра Міхаіла Рагозы на падданых віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла Рудога з маёнткаў Смалявічы і Гарадзішча, якія выдралі 9 пчаліных борцей на манастырскіх землях. Паколькі справа тычылася канфлікту паміж падданымі розных маёнткаў, паводле тагачасных судовых правіл разглядаць яе павінен быў так званы копны суд з удзелам сялян абодвух зацікаўленых маёнткаў, а таксама прадстаўнікоў, якія выступалі ў якасці суддзяў, суседніх паселішчаў. Пасяджэнне гэтага абшчыннага суда, альбо капа, сабралася ў чэрвені 1582 г. ва ўрочышчы Дубок, каля дарогі з Менска на Прылепы. Адказ мусілі трымаць старац Смалявіцкай воласці Карп Ворса (Ворсіч) і старац сяла Слепня, жыхары якога непасрэдна абвінавачваліся ў рабаўніцтве. Сярод прадстаўнікоў, што прымалі ўдзел у судзе, названы і Барыс, старац маёнтка Прылепы праваслаўнага мітрапаліта. Капа заслухала паказанні сведкаў і вынесла пакаранне вінаватым16.

У тым жа месяцы Менскі павятовы суд разглядаў скаргу намесніка Мікалая Радзівіла ў Смалявіцкім і Дайнараўскім маёнтках шляхціца Андрэя Галаўні, які абвінаваціў падданых маёнтка Шыпяны, што належаў віленскаму біскупу Юрыю Радзівілу, у забойстве жыхара Смалявіч Кандрата Акуліча ў доме шыпянскага старца Амялляна Іванавіча Баўсуна. Паводле версіі, выкладзенай панам Галаўнёй, шыпянцы Дзям'ян Мацвееў, Кузьма Клімаў і Лашук Варановіч пры патуранні біскупскага намесніка Себасцьяна Лойкі гвалтоўна напалі на смалевічан і застрэлілі аднаго з іх з ручніцы (агнястрэльнай зброі накшталт мушкета). Шыпянцы, натуральна, адстойвалі ў судзе зусім іншую версію: адзін са смалевічан, каваль Савасцян, зацікавіўся ручніцай, што вісела ў хаце на сцяне, зняў яе і потым паклаў на стол, але ручніца нечакана сама стрэліла і патрапіла ў Кандрата Акуліча. Даказаць наўмыснае забойства ў судзе так і не ўдалося17.

У жніўні 1582 г. у суд трапіла скарга пана Рыгора Багданавіча Рагозы і яго жонкі Ганны Дзмітрыеўны, уласнікаў маёнтка Калодзезі. Яны патрабавалі ад саўладальнікаў маёнтка Лагойск (такая форма назвы ўжо замацавалася ў той час) Марціна Тышкевіча выдаць іх беглага падданага, каваля Івана Бакуновіча, які разам з жонкай уцёк з Калодзезяў і знайшоў прытулак у суседнім сяле Сычавічы пана Тышкевіча (сучасны Лагойскі раён). Паколькі Тышкевіч адмовіўся выдаць уцекача, Рагоза запатрабаваў у якасці кампенсацыі за яго 60 коп грошаў, але Тышкевіч не пажадаў яго слухаць і нават не ўзяў позву ў суд, якую яму даставіў судовы выканаўца — возны19.

Яшчэ адзін дакумент, які тычыцца лагойскіх уладанняў Тышкевічаў, быў упісаны ў актавую кнігу Менскага павета ў маі 1590 г., каб надаць яму юрыдычную сілу. Аднак складзены гэты дакумент быў раней, у снежні 1576 г. Тады адбыўся падзел маёнткаў паміж сынамі памёршага напярэдадні берасцейскага ваяводы Юрыя Васільевіча Тышкевіча, графа на Лагойску і Бярдзічаве. Сам ён завяшчаў аднаму сыну, Фёдару, замак Слабадзішча на Украіне, адругому, Марціну. Такім жа чынам, праз болын позняе

лісванне ў актавую кнігу, да нас дайшла першая згадка пра царкву ў сяле Шыпяны, на карысць якой у 1586 г. тагачасны віленскі біскуп Валерыян Пратасевіч выдзеліў пэўныя зямельныя абшары ва ўрочышчы Ніва і пад балотам Радзімля. Прывілей, выдадзены біскупам, доўга захоўваўся ў царкве і толькі ў 1772 г. быў перапісаны ў актавую кнігу Менскага павета21.

Тым часам маёнтак Астрошыцы, у склад якога, нагадаем, уваходзіла сяло Дубровы на самым ускрайку сучаснай Смалявіччыны, пасля смерці пана Гаўрылы Гарнастая перайшоў у рукі яго удавы Барбары Ласкай. У самым пачатку 1590 г. Барбара прадала гэты маёнтак уладальніку Смалявіч, віленскаму ваяводу Крыштофу Радзівілу22. Але папярэдне яна аддала сёлы Гарадок і Дубровы ў заклад шляхціцу Яну Варпахоўскаму. Нічога

не ведаючы аб продажы маёнтка, Варпахоўскі ў сакавіку таго ж 1590 г. паслаў свайго ўрадніка Паўла Гродскага збіраць грошы з сялян. Але новы радзівілаўскі ўраднік маёнтка Астрошыцы Павел Старуха паведаміў яму, што яго пан збіраецца выкупіць абодва сялы з закладу ў Варпахоўскага, і не дапусціў урадніка апошняга на тэрыторыю маёнтка. Больш таго, даведаўшыся, што Гродскі ўжо паспеў сабраць крыху грошай (53 капы), Старуха дагнаў яго на дарозе, збіў і гэтыя грошы адабраў23.

У тым жа лютым 1590 г. павятовы суд разглядаў скаргу на шляхціца Яна Няміру, які служыў Крыштофу Радзівілу ў якасці ўрадніка Смалявіцкага маёнтка. Паводле гэтай скаргі, пададзенай жонкай дробнага баярына Станіслава Шацілы Марынай, яе дачка Ганна гасцявала ў мястэчку Смалявічы ў сваячкі. Невядома, што адбылося паміж ёй і Янам Нямірам пад час гэтага візіту, але аднойчы радзівілаўскі ўраднік са сваімі слугамі ўварваўся ў дом, дзе яна жыла, збіў яе, згвалціў, а потым адвёз да панскага двара і, трымаючы некалькі тыдняў, «починял с нею, што доброму и цнотливому человеку не годилося чынить»24. Паколькі ў гэтым выпадку мы ведаем толькі версію маці пацярпелай, цяжка сказаць, што адбылося на самай справе і якую ролю адыгрывалі паводзіны і жаданні самой Ганны.

Ва ўсякім выпадку, пан Няміра не панёс за свой учынак цяжкага пакарання і ў далейшым заставаўся на пасадзе смалявіцкага ўрадніка. Мы сустракаемся з ім зноў у кастрычніку 1592 г., калі адбываўся копны суд паміж падданымі радзівілаўскага сяла Драчкава і сялянамі Бакштанскай воласці, якая належала сумесна панам Завішам і Шэметам. Пры гэтым упершыню ўпамінаецца мястэчка Волма, што належала да Смалявіцкага маёнтка. На капе прысутнічаў валмянскі ўраднік Сымон Дыбоўскі, які, у сваю чаргу, падпарадкоўваўся смалявіцкаму ўрадніку Яну Няміру.

Сутнасць гэтага канфлікту была звязана з учынкам жыхароў сёл Смілавічы, Новая Ніва і Казекавічы, што ўваходзілі ў Бакштанскую воласць. Згаварыўшыся з адным жыхаром Драчкава, Іван Клонікавіч з Новай Нівы і Фёдар Берасневіч з Казекавіч разам з ім выкралі з клеці ў Драчкаве 4 лубкі мёду вагой па 2 камені (агулам каля 110 кг) і крыху іншых рэчаў. Драчкаўскія сяляне запатрабавалі склікаць капу з удзелам абодвух бакоў, каб на ёй выкрыць і пакараць вінаватых.

Капа была прызначана на 15 кастрычніка 1592 г. на традыцыйным месцы, на беразе р. Вожа. Аднак смілавічане адразу пачалі ўсяляк перашкаджаць разбору справы. На працягу двух дзён яны не з'яўляліся на капу, дзе драчкаўцы марна іх чакалі. На трэці дзень копны суд усё ж сабраўся на мяжы бакштанскіх і драчкаўскіх зямель, але разбор справы хутка перарос у суцэльную бойку. Як заўсёды бывае ў такіх выпадках, смілавічане сцвярджалі, што першымі напалі драчкаўцы, атыя — што смілавічане. Абодва бакі прыводзілі доўгі спіс пацярпелых, збітых кіямі, з прабітымі галовамі, адсечанымі пальцамі і г.д. Здаецца ўсё ж, што ініцыятарамі былі смілавічане. Пра гэта сведчаць паказанні двух слуцкіх гандляроў, якія апынуліся ў Смілавічах напярэдадні копнага суда і якіх запрасілі туды ў якасці трацейскіх суддзяў. Пад час бойкі ім таксама моцна перапала ад драчкаўцаў, але абодва вінавацілі ў гэтым тых смілавічан, што заклікалі іх на суд, а потым справакавалі бойку25.

У кастрычніку 1594 г. адбыўся новы канфлікт паміж падданымі маёнткаў Шыпяны і Раванічы. Ураднік віленскага біскупа Ян Стахоўскі разам са старцам сяла Шыпяны і жыхарамі таго ж сяла скардзіўся на раваніцкага ўрадніка Мацевуша Раматоўскага за сапраўды дзікія паводзіны пад час копнага суда. Гэты суд быў скліканы з нагоды крадзяжу пчол, учыненага раванічанамі ў шыпянскіх бортных землях. На капу, дарэчы, у якасці трацейскіх суддзяў былі запрошаны падданыя Крыштофа Радзівіла: былы смалявіцкі старац Карп Ворса, асочнік (егер) з Плісы Максім Забашавіч і іншыя.

Раматоўскі, ураднік Яна Глябовіча, паводзіў сябе на капе выключна нахабна: заявіў, што пчолы былі пакрадзены па яго асабістым загадзе, пасля чаго загадаў раванічанам разыходзіцца з капы, а сам пачаў страляць з ручніцы па натоўпе шыпянцаў і параніў трох чалавек. Раз'юшаныя шыпянцы доўга ганяліся за ім па лесе, і каб дагналі, то, напэўна, забілі б на месцы. Замест урадніка яны схапілі толькі аднаго з сялян, што непасрэдна ўдзельнічаў у крадзяжы. Яго сабраліся павесіць і ўжо накінулі на шыю вяроўку, але ён вымаліў жыццё, спасылаючыся на тое, што дзейнічаў не сам па сабе, а па загадзе ўрадніка. Пазней раванічане выкупілі яго, выплаціўшы кампенсацыю ў 10 коп грошаў26.

Наступны канфлікт, які трапіў у поле зроку павятовага суда, распачаўся восенню 1595 г., калі з поля каля р. Усяжа былі ўкрадзены 4 каровы і 2 валы, што належалі Лукашу Марціновічу, жыхару сяла Усяжа, якое адносілася да маёнтка пана Івана Быкоўскага Калодзезі. Прапажа так і не была знойдзена па гарачых слядах. Толькі летам 1597 г. нехта пачуў, як жыхар сяла Прылепы Фёдар Рагач, падданы праваслаўнага мітрапаліта, у сварцы з суседам Іванам Мацуковічам прыгадаў, што менавіта той скраў усяжскую жывёлу і прадаў яе ў Менску. Гэтыя словы дайшлі да пацярпелага, які пачаў патрабаваць суда. Да скаргі далучыліся іншыя падданыя з Калодзезяў і Усяжы, якія сцвярджалі, што здаўна церпяць шкоды праз крадзеж скаціны ад жыхароў прылепскіх сёлАношкавічы, Ляды, Прылепы, Пагарэльцы і Раўбічы (апошняе — у сучасным Мінскім раёне). Капа, скліканая з гэтай нагоды, пастанавіла, што падазроныя павінны ачысціць сябе прысягай, працэдура прыняцця якой была адкладзена на 4 тыдні. Чым скончылася справа, у актавай кнізе, на жаль, не пазначана27. 3 гэтага дакумента, дарэчы, можна ўбачыць, як змянілася колькасць насельніцтва ў Прылепах у параўнанні з 1518 г.: побач са старым паселішчам узнікла 5 новых.

Канфлікты паміж падданымі маёнткаў Калодзезі і Прылепы былі, відаць, даволі частымі. У сакавіку 1600 г. ураднік мітрапаліта Іпація Пацея, якому на той час належалі Прылепы, Фёдар Пучкоўскі скардзіўся на ўладальніка Калодзезяў пана Івана Быкоўскага, які неаднаразова насылаў сваіх падданых на землі, што адносіліся да Прылепскай пушчы на беразе р. Усяжа, недалёка ад межаў Смалявіцкай пушчы каля р. Домля. Там прылепцы насеклі шмат дроў і лесу. 13 сакавіка ўраднік Пучкоўскі застаў у лесе калодзезскіх падданых з сяла Малафеевічы — Марціна і Грышку Дулебічаў і Сямёна Печуровіча з іншымі памочнікамі, якія якраз секлі дрэвы. Ураднік паслаў свайго слугу і ляснічага, каб затрымаць зладзеяў, але сяляне аказалі супраціўленне: пабілі ляснічага, ударылі ўраднікавага слугу і забілі каня, што быў пад ім, пасля чаго ўцяклі28.

У сваю чаргу Іван Быкоўскі, уладальнік Калодзезяў, цярпеў крыўды з боку падданых суседняга маёнтка Астрошыцы. 10 сакавіка 1600 г. астрошыцкія баяры, браты Багдан, Грынка і Іван Федкавічы Прыстромы, наехалі са шматлікімі памочнікамі на належачае Быкоўскаму сяло Усяжа і вывезлі адтуль падданага Марка Бандара з усёй сям'ёй і маёмасцю. На наступны дзень яны ж жорстка збілі іншага калодзезскага падданага Ярма

ка Маркавіча (верагодна, сына таго Марка). Па скарзе Быкоўскага возны Менскага павета пан Залівака ў суправаджэнні двух шляхціцаў, як патрабаваў статут, прыехаў у Астрошыцкі маёнтак з судовай позвай, але тамашні ўраднік Ян Рачынскі не толькі не ўзяў позву, але нават стрэліў па пасыльных з ручніцы і кідаўся на іх з шабляй29.

Ад радзівілаўскіх падданых і ўраднікаў цярпела таксама сумежная Ігуменская воласць, якая належала Віленскаму біскупству. У красавіку 1600 г. адміністратар біскупства Бенядзікт Война і дзяржаўца Ігуменскай воласці ксёндз Ян Рышкоўскі скардзіліся, што яшчэ з часоў Мікалая Радзівіла Рудога, а затым пры яго сыне Крыштофе, да Смалявіцкага і Дайнараўскага маёнткаў былі незаконна далучаны вялікія зямельныя абшары над р. Волма, працягласцю ў некалькі міль, з якіх раней ішла мядовая даніна ў Ігумен у памеры 60 пудоў у год. Апрача таго, смалявіцкі ўраднік Ян Няміра з паколінскімі і дайнараўскімі падданымі захапілі лясныя абшары («астравы») Гардоўшчыну, Краноўшчыну, Лібыхоўскі і Дамавіцкі са звярынымі ловамі і бабровымі гонамі, з якіх Ігумен атрымліваў даніну ў 200 пудоў мёду, і заснавалі там свае слабоды на р. Волма, а таксама пачалі браць мыту на дарозе з Ігумена ў Менск30.

Падобную ж скаргу падавалі ў 1600 г. падданыя дзяржаўнай Барысаўскай воласці з сяла Стахава. Паводле іх слоў, да Смалявіцкага маёнтка была незаконна далучана Суравятыцкая пушча, якая раней належала да Стахава31.

Звычайнай справай было пераманьванне сялян ад аднаго пана да іншага. Як правіла, старому гаспадару вельмі цяжка было дамагчыся вяртання сваіх падданых. Так, у 1600 г. у Волме на землях Крыштофа Радзівіла пасяліўся ўцякач з сяла Скнаравічы Янка Яцкавіч з жонкай, трыма сынамі і свойскай жывёлай (3 валы, 2 каровы, 2 клячы, 8 авечках, 6 свіней і 2 падсвінкі). Ён атрымаў прытулак у чужым маёнтку, нягледзячы на тое, што быў падданым земскага суддзі Менскага павета Г.Макарэвіча32. Гэтак жа з маёнтка Сялец на Лагойшчыне ўцёк у канцы 1600 г. падданы Дзмітрыя Скуміна Тышкевіча Сямён Бабарыка з сынам і дзвюма дочкамі, маёмасць якога налічвала каня, 2 валоў, карову, цяліцуялаўку, 3 авечак, 6 свіней, 2 коз, звыш 13 бочак збожжа. Гэты ўцякач знайшоў прытулак у той частцы сяла Калодзезі, што належала менскаму ваяводу Яну Дамініку Пацу33.

[1]

[3]


var container = document.getElementById('nativeroll_video_cont'); if (container) { var parent = container.parentElement; if (parent) { const wrapper = document.createElement('div'); wrapper.classList.add('js-teasers-wrapper'); parent.insertBefore(wrapper, container.nextSibling); } }

 
 
Форма входа

Календарь новостей
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930

Поиск

Друзья сайта

Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
 

Copyright MyCorp © 2024