ГлавнаяРегистрацияВход Книга ПАМЯТЬ “Смолевичский район” Пятница, 29.03.2024, 00:08
  У СКЛАДЗЕ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА I РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ Приветствую Вас Гость | RSS

 
 

Усяго ў маёнтку Смалявічы было 638,8 валокі (каля 13,6 тыс. га) сельскагаспадарчых угоддзяў, якія практычна ўсе былі занятыя (пуставала ўсяго паўвалокі). Агульная колькасць гаспадарак, уключаючы сялянскія, зямянскія і мяшчанскія (у тым ліку 41 мяшчанскі двор у Менску), налічвала каля 1500 двароў (дакладную лічбу вызначыць цяжка, бо ў болыпасці выпадкаў у інвентары не ўказаны двары, якія не плацілі падаткаў), з іх на тэрыторыі сучаснага Смалявіцкага раёна знаходзілася каля 1050.

Калі параўнаць гэтыя лічбы са звесткамі інвентара 1588 г. (у той час ва ўсім маёнтку было 318 двароў), відавочны імклівы рост насельніцтва, якое павялічылася за 55 гадоў прыкладна ў 5 разоў. Толькі часткова гэта тлумачыцца павелічэннем тэрыторыі маёнтка, да якога за гэты час былі далучаны абшары былых татарскіх уладанняў у Паколіне, а таксама далуча

ныя ў 1612 г. Глебкавічы (пра гэта згадваеццаў інвентары 1621 г.), набытае нейкім чынам сяло Пятровічы і, верагодна, тыя землі, на якіх было заснавана мястэчка Волма. Асноўны прырост насельніцтва адбыўся за кошт міграцый звонку і, напэўна, значнага перавышэння нараджальнасці над смяротнасцю, што сведчыць пра неблагія эканамічныя і сацыяльныя ўмовы. Рост насельніцтва прывёў да таго, што ў маёнтку былі раздадзены сялянам практычна ўсе прыдатныя землі, у асобных сёлах адчуваўся ўжо нават недахоп зямлі. Так, у Пятровічах, Драчкаве і Паколіне на двор прыпадала ў сярэднім па чвэрці валокі (каля 5,5 га), што відавочна недастаткова для сям'і ў 7 —9 едакоў.

Трэба адзначыць, што рост насельніцтва (хоць, магчыма, і не ўсюды такі бурны) назіраўся ў канцы XVI —першай палавіне XVII ст. па ўсім Вялікім княстве Літоўскім. Паўсюдна ўзнікалі новыя сёлы, засноўваліся мястэчкі. Пашыраліся гандлёвыя зносіны. Якраз у гэты час набыў выключнае значэнне гандлёвы шлях, які перасякаў Беларусь ад Брэста да Дуброўна, звязваючы яе з Полынчай і Расіяй. Тое, што асноўны абшар Смалявіцкага маёнтка ляжаў якраз уздоўж гэтага шляху, адыграла далёка не апошнюю ролю ў жыцці краю. У гэтым кантэксце трэба разглядаць і заснаванне новага мястэчка на р. Жодыня, амаль дакладна на паўдарозе паміж Смалявічамі і Барысавам. Росту мястэчка Волма спрыяла тое, што яно знаходзілася на шляху з Менска ў Магілёў, які якраз у той час ператварыўся ў буйнейшы горад Беларусі. Не выпадкова вуліца, якая ішла ад Волмы на ўсход, атрымала назву Магілёўскай.

У сярэдзіне XVII ст. сітуацыя рэзка змянілася. Рэч Паспалітая ўступіла ў паласу глыбокага крызісу. Першым штуршком да яго  стала  вайна з украінскімі казакамі, якая пачалася ў 1648 г. Пры гэтым казакоў, за плячамі якіх стаяла Расія, актыўна падтрымлівалі і шырокія слаі праваслаўнага насельніцтва паўднёвай і ўсходняй Беларусі, незадаволеныя пашырэннем каталіцтва, паланізацыі і ростам феадальных павіннасцей. У 1654 г. гэты спачатку ўнутраны канфлікт перарос у вялікую вайну паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй, у якую пазней уключылася і Швецыя. Да лета 1655 г. тэрыторыя Смалявіччыны была цалкам занята рускімі і заставалася пад іх кантролем на працягу пяці гадоў. Толькі летам 1660 г. у вайне намеціўся пералом на карысць Рэчы Паспалітай, войскі якой аднавілі кантроль над цэнтральнай Беларуссю. У руках рускіх засталася на пэўны час толькі моцная крэпасць у Барысаве, у той час як ваенныя дзеянні змясціліся далей на ўсход, у Падняпроўе. Канчаткова вайна спынілася ў 1667 г., калі было падпісана Андросаўскае мірнае пагадненне.

Уладальнік Смалявіч Багуслаў Радзівіл адыгрываў у гэтай вайне значную, хоць і вельмі супярэчлівую ролю. Разам са стрыечным братам Янушам, які ў той час быў вялікім гетманам ВКЛ, ён спачатку актыўна змагаўся супраць рускіх. Але пасля цяжкіх паражэнняў 1655 г. і ўмяшання ў вайну Швецыі абодва Радзівілы зрабіліся правадырамі партыі, якая выступала за аддзяленне ВКЛ ад Польшчы і ўсталяванне шведскага пратэктарату над Беларуссю і Літвой. Некалькі гадоў Багуслаў ваяваў на баку шведаў, а потым зноў перайшоў да караля Рэчы Паспалітай і змагаўся супраць тых жа шведаў. Каларытная постаць Багуслава Радзівіла яскрава паказана ў вядомым рамане Генрыка Сянкевіча <<Патоп», прысвечаным падзеям вайны 16541667 гг.

Вайна прынесла беларускім землям жудаснае спусташэнне. Арміі ўсіх чатырох бакоў, што прымалі ў ёй удзел

(Расіі, Украіны, Швецыі і Рэчы Паспалітай), увесь час харчаваліся за кошт мясцовага насельніцтва, таму ў раёнах іх дыслакацыі і перамяшчэння хутка не засталося ні зерня на насенне, ні свойскай жывёлы. Мноства людзей было вывезена рускімі ў палон, многія памерлі ад выкліканых ваеннымі разбурэннямі эпідэмій ці проста разбегліся, хто куды мог. Для Смалявіччыны яе знаходжанне на вялікім шляху зараз набыло зусім іншае значэнне.

Пра вынікі вайны сведчыць інвентар маёнтка Смалявічы, складзены ў 1665 г. — праз пяць гадоў пасля вызвалення ад рускіх і за два гады да канчатковага мірнага пагаднення36. У мястэчку Смалявічы пазначана 100 двароў (за 12 гадоў да пачатку вайны, нагадаем, было 138), але і гэтая лічба, напэўна, уключае часткова тыя двары, жыхары якіх фактычна адсутнічалі. Ва ўсякім выпадку ў крыху болып познім інвентары 1669 г.37 значыцца ўсяго 77 двароў. У мястэчку Багуслаў Поле інвентар 1665 г. паказвае 97 двароў, а інвентар 1669 г. — усяго 62, прычым 4 з іх былі вольнымі (гэта значыць — новазаснаванымі). Па астатніх паселішчах інвентар 1665 г. пазначае асобна колькасць жылых і пустых двароў, таму агульнае становішча болып красамоўнае.

Так, у мястэчку Волма ў 1665 г. засталося ўсяго 20 жылых двароў, у той час як пустых значылася 80. 3 сельскіх паселішчаў Смалявіцкай воласці ў сяле Смалявічы на 34 заселеныя двары прыпадала 57 пустых, у Зарэччы заселеных не засталосе ўвогуле, а пусткі разабралі смалявіцкія мяшчане. У Плісе было 40 жылых і 57 пустых двароў, у Шэметаве — адпаведна 16 і 74, у Пакаліне — 10 і 40, у Драчкаве

  91 і 84, у Пятровічах — 41 і 48, у Даманцішках — 7 і 38, у Дайнараўцы

  9 і 23, у Забалоцці  30 і 97. Увогуле ж ва ўсім маёнтку, дзе за 6 гадоў да вайны значылася каля 1500 двароў, пасля яе заканчэння заселена было крыху больш за 400 (сумарны падлік паводле інвентара 1665 г. дае 438 двароў, 1669 г. — 423). Гэтазначыць, што прыблізна 72% гаспадарак цалкам абязлюдзелі. Да гэтага трэба яшчэ дадаць, што і ў тых дварах, якія засталіся, было далёка не столькі жыхароў, як да вайны, таму агульныя людскія страты маёнтка набліжаліся, напэўна, да 4/5, калі не больш.

У 1665 г. уладальнік Смалявіцкага маёнтка, 45гадовы Багуслаў Радзівіл, ажаніўся з дачкой свайго стрыечнага брата Януша Марыяй Ганнай Радзівіл. Яна не толькі даводзілася яму траюраднай пляменніцай, але і была на 20 гадоў маладзейшая за яго. Затое яна была спадчынніцай вялізных уладанняў Януша Радзівіла, былога віленскага ваяводы і вялікага гетмана. Далучыўшы іх да сваіх, Багуслаў зрабіўся ці не самым буйным землеўладальнікам не толькі на Беларусі, але і ва ўсёй Рэчы Паспалітай.

Аднак вялізнае багацце яшчэ не гарантавала шчасця. У 1667 г., нарадзіўшы дачку Людвіку Караліну, Марыя памерла пад час родаў. Праз два гады памёр і сам Багуслаў Радзівіл. Двухгадовая дзяўчынка, уладальніца адной з найбагацейшых спадчын у Еўропе, засталася круглай сіратой. Яна выхоўвалася за мяжой, у родзічаў Багуслава па мацярынскай лініі, а беларускія маёнткі зноў, як і пад час малалецтва яе бацькі, перайшлі часткова ў рукі арандатараў, часткова кіраваліся наёмнымі адміністратарамі.

Смалявіцкі маёнтак тым часам быў падзелены на некалькі частак. Адна з іх. якая ў 1670 г. была ад імя Людвікі Радзівіл аддадзена ў арэнду на 1 год шляхціцу Уладзіславу Антаровічу, уключала 72 двары (дымы) у мястэчку Смалявічы, 37 двароў у мястэчку Багуслаў, а таксама сёлы Смалявічы, Забалоцце, Шэметава, Дуброўка, Пліса і Дайнараўка, у якіх разам было 88 сялянскіх і 7 зямянскіх дымоў. Ваен

нае спусташэнне яшчэ далёка не было пераадолена: з 351 валокі, якія меліся ў гэтай частцы маёнтка, пуставала 208. Існавалі 4 млыны, усе аднаколавыя. 3 іх 2 знаходзіліся ў Багуславе, на рэках Жодыня і Пліса, па адным — у сяле Пліса і мястэчку Смалявічы38.

Захаваўся яшчэ адзін інвентар гэтай жа часткі маёнтка, датаваны 1675 г. Колькасць дымоў у мястэчку Смалявічы амаль не змянілася — замест 72 іх стала 74. У інвентары прыгадваюцца ўсё тыя ж 4 вуліцы (Мінская, Царкоўная, Дворная і Барысаўская), якія сфарміраваліся яшчэ на пачатку XVII ст. У мястэчку Багуслаў дымоў прыкметна пабольшала — іх было ўжо 53. Інвентар упамінае там дзве царквы. Адна з іх, на рыначнай плошчы, была асвячона ў гонар св. Пятра, другая — у гонар Св. Тройцы. У гэтым мястэчку было 5 вуліц (Мінская, Жодзінская, Барысаўская, Смалявіцкая і Мезавая). У сёлах Смалявіцкай воласці двароў паменшала — іх стала ўсяго 56 (12 — у Смалявічах, 18 — у Забалоцці, 8 — у Шэметаве, 3 — у Дуброўцы, 2 — у Дайнараўцы і 13 — у Плісе)39. Магчыма, што ў адзначаных сёлах меліся яшчэ дымы, якія адносіліся да іншай часткі маёнтка.

У 1681 г. Людвіка Караліна Радзівіл, якой ішоў на той час чатырнаццаты год, была аддадзена замуж за свайго далёкага родзіча — такога ж юнага Людвіга Гогенцолерна, які быў чацвёртым сынам курфюрста брандэнбургскага і князя прускага Фрыдрыха Вільгельма. Аднак ужо ў дваццацігадовым узросце яна аўдавела, пасля чаго ў 1688 г. узяла шлюб з князем Каралем Філіпам Нейбургскім са старажытнага баварскага роду Вітэльсбахаў. Ад гэтага шлюбу нарадзіліся тры дачкі, з якіх дзве памерлі ў дзяцінстве. Жыць засталася толькі народжаная ў 1693 г. Альжбета. Пасля смерці Людвікі Караліны пад час няўдалых чацвёртых родаў у 1695 г. на Альжбету, князёўну Нейбургскую, перайшлі спадчынныя правы на колішнія радзівілаўскія маёнткі, у тым ліку і на Смалявічы. Права ж карыстання імі атрымаў яе бацька. Ён, аднак, не быў падцаны Рэчы Паспалітай, таму некаторыя беларускія магнаты пачалі ўздымаць пытанне аб набыцці радзівілаўскай спадчыны.

Асаблівую актыўнасць у набыцці гэтай спадчыны выказаў у канцы XVII ст. тагачасны віленскі ваявода Казімір Ян Сапега. Аднак яго перагаворы з домам Вітэльсбахаў перарваліся ў сувязі з новай вайной, якая ахапіла на мяжы XVIII ст. беларускія землі. На гэты раз Рэч Паспалітая выступіла саюзніцай расійскага цара Пятра I, які ваяваў са Швецыяй за балтыйскае ўзбярэжжа, прасякаючы «акно ў Еўропу». Некалькі разоў у ходзе гэтай так званай Паўночнай вайны беларускія землі станавіліся арэнай ваенных дзеянняў паміж рускімі і шведамі. Гэта прынесла сюды новыя спусташэнні.

Стан галоўнай часткі Смалявіцкага маёнтка ў 1713 г., калі ваенныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі ў асноўным ужо скончыліся, высвятляе яшчэ адзін інвентар40. На той час карыстальнікамі гэтай часткі быў пан Казімір Пакоша. У мястэчку Смалявічы былі 44 двары, гаспадары якіх мелі пры сабе агулам 34 сыноў. Апрача таго, 31 сына — жыхара гэтых двароў — не было ў наяўнасці, бо яны разбегліся. Ва ўсіх дварах налічвалася толькі 18 коней і

2 валы — відавочнае наступства ваенных спусташэнняў.

У мястэчку Багуслаў было 46 двароў, але з іх 13 пуставалі цалкам. У гаспадароў астатніх было ў наяўнасці 36 сыноў, а ва ўцёках — 16. Становішча

3  цяглавой жывёлай было такім жа драматычным — на ўсе 33 населеныя двары мелася толькі 12 коней і 17 валоў. У сяле Смалявічы з 40 валок зямлі амаль 30 пуставалі, на астатніх мелася ўсяго 8 сялянскіх гаспадарак з 6 наяўнымі сынамі і яшчэ 5 збеглымі, з жывёлы — толькі 3 кані. У Дуброўцы

на 20 валок прыпадалі толькі 2 населеныя двары (у іх 1 конь і 2 валы), у Плісе на 40 валок — 13 двароў, 15 наяўных і 6 збеглых сыноў, 2 кані, 5 валоў, у Забалоцці таксама на 40 валок — 14 двароў, 31 сын, 6 коней і 7 валоў, у Дайнароўцы на 12 валок — 7 двароў, 8 наяўных і 2 збеглыя сыны, 4 кані. Нарэшце, у Шэметаве на 30 валок прыпадала ўсяго 3 двары з 6 сынамі і 3 кані. Былі ў маёнтку і 9 гаспадарак зямян, расселеных у засценках Добрае, пад Забалоццем, і Загор'е.

Пасля вайны пытанне аб набыцці спадчыны Людвікі Караліны Радзівіл паўстала зноў. На гэты раз галоўнымі прэтэндэнтамі выступілі прадстаўнікі іншай, нясвіжскай, галіны роду Радзівілаў. Пасля складаных перагаво раў з князем Нейбургскім была дасягнута дамоўленасць аб заручынах яго дачкі з сынам ужо памёршага на той час канцлера ВКЛ Караля Станіслава Радзівіла — Еранімам Фларыянам, значна маладзейшым за яе. Адной з умоў заручын быў пераход да Радзівілаў усіх маёнткаў на тэрыторыі ВКЛ, спадчыннае права на якія мела князёўна Нейбургская. I хоць да шлюбу справа так і не дайшла, маёнткі дасталіся Ераніму Радзівілу. Фармальна ён уступіў у валоданне імі з 1731 г., калі дасягнуў 16гадовага ўзросту. Фактычна ж яшчэ доўгі час усімі вотчынамі распараджалася яго энергічная і таленавітая маці — Ганна Радзівіл, якая паходзіла з князёў Сангушкаў.

Разам са Смалявіцкім маёнткам да роду Радзівілаў вярнуўся і маёнтак Волма, раней адасоблены ад яго. Ён доўгі час знаходзіўся ў закладзе ў шляхціца Кастроўскага, а затым у яго сыноў Антонія і Марціна. Толькі ў 1737 г. Ганна Радзівіл і яе сын выкупілі гэты маёнтак. Як вынікае з інвентара, складзенага з гэтай нагоды, у склад яго ўваходзілі мястэчка Волма з 121 заселеным і 5 пустымі пляцамі, вёскі Драчкава (40 валок, 25 дымоў), Пакалін (15 валок, 7 дымоў) з аднайменным фальваркам, Пятровічы (20 валок, 43 дымы), Даманцішкі, альбо Дамашаны (14,8 валокі, 9 дымоў), і заснаваная, відаць, незадоўга да таго Азярыцкая Слабада (40 валок, 47 двароў) на тэрыторыі Смалявіччыны, а таксама Глебкі (Глебкавічы), Гарадзішча, Каралёў Стан і шэраг засценкаў у межах сучаснага Мінскага раёна, з вялікай пушчай, што цягнулася ад Дамашан і вытокаў р. Домля да Зялёнага Луга і Камароўкі на тэрыторыі сённяшняга Мінска41.

Некаторыя маёнткі, што некалі належалі Багуславу Радзівілу, у далейшым трапілі да іншых уладальнікаў. Так адбылося, у прыватнасці, з маёнткам Астрашыцкі Гарадок, тэрыторыя якога ахоплівала паўночназаходнюю частку Смалявіччыны. У 1745 г., калі быў складзены інвентар гэтага маёнтка, ён быў уласнасцю скарбніка Мінскага ваяводства Антонія МінкоўскагаБагушэвіча. На абшарах маёнтка знаходзілася в. Дуброва прыблізна з 31 валокай і 20 зямянскімі гаспадаркамі (39 сыноў, 31 конь, 7 валоў), а на асобным абшары, цераспалосна з землямі праваслаўнага мітрапаліта — веска Задомля з 11,5 аселымі і 12 пустымі валокамі, якімі карысталіся 17 сялянскіх двароў (43 сыны, 30 коней, 36 валоў)42.

Гэты апошні інвентар, дарэчы, сведчыць, што пасляваенны заняпад быў да сярэдзіны XVIII ст. у асноўным пераадолены. Прынамсі, колькасць цяглавой жывёлы ў сялянскіх гаспадарках была дастатковая для эфектыўнай працы. Адбыўся і некаторы рост насельніцтва, хоць колькасць сялянскіх гаспадарак далека яшчэ не дасягнула аптымальнай лічбы — прыблізна двух двароў на адну вал оку. У цэлым жа ад росквіту, які назіраўся стагоддзем раней, практычна нічога не засталося.

Падобнае становішча фіксуе інвентар маёнткаў Драчкава і Волма за 1758 г.43 За 21 год пасля стварэння

папярэдняга інвентара колькасць двароў не толькі не павялічылася, а дзенідзе нават і паменшылася. У Волме было 29 двароў, у Драчкаве — 22 (у 1738 г. было на 3 двары болын), у Пятровічах — 37 замест ранейшых 43, у Азярыцкай Слабадзе — 41, замест 47. Дамашаны з 3 дварамі і Пекалін з 4 ператварыліся ў зусім невялікія засценкі. Затое тытул уладальніка маёнтка, прыведзены ў гэтым інвентары, гучыць настолькі пышна, што яго варта прывесці цалкам: «Геранім Фларыян Радзівіл, князь на Алыцы, Нясвіжы, Біржах, Дубінках, Слуцку, Капылі, Клецку і Святога панства Рымскага, граф на Міры, Шыдлоўцы, Койданаве, Копысі, Заблудаве, Кейданах, Крожах і Бяле, пан на Невелі, Себежы і Усяславе, вялікі харунжы ВКЛ, крычаўскі староста, рыцар Арла Белага і св. Губерта, палацін Рэйнскі».

Адзначым, што за гэтай славеснай аздобай хаваўся паталагічна жорсткі і абмежаваны чалавек, у канцы жыцця — сапраўдны вар'ят, дзівосы якога прынеслі шмат гора яго родным, а тым больш — падданым. У 1760 г. ён памёр, пасля чаго ўсе пералічаныя ў пышным тытуле і шматлікія іншыя маёнткі, уключаючы і Смалявічы з Волмай, адышлі да яго пляменнікаў Караля Станіслава і Ераніма Вінцэнта.

Старшы з іх быў асобай у пэўнай ступені унікальнай. Амаль такі ж самадур, як і яго звар'яцелы дзядзька, але з прыродным розумам, гумарам і нават лагоднасцю. Ён так часта звяртауся да суразмоўцаў са словамі «пане каханку», што яны ператварыліся ў яго мянушку. Незлічоныя багацці ўскружылі яму галаву, і Караль Станіслаў Радзівіл праславіўся экстравагантнымі ўчынкамі накшталт язды ўлетку на санях па дарозе, пасыпанай соллю. Разам з тым ён быў буйнейшым дзяржаўным дзеячам свайго часу, займаў вышэйшыя пасады, у тым ліку віленскага ваяводы. Пане Каханку быў гарачым патрыётам Вялікага княства Літоўскага, адным з тых нямногіх магнатаў, якія спрабавалі спыніць няўхільны заняпад Рэчы Паспалітай, пазбегнуць яе падзелу паміж суседнімі, больш моцнымі дзяржавамі. Праўда, гэтью намаганні не далі станоўчых вынікаў.

Ад гэтага апошняга перыяду існавання Рэчы Паспалітай да нас дайшоў яшчэ адзін інвентар маёнтка Смалявічы, складзены ў 1781 г.44 Мястэчка Смалявічы ў той час мела 5 вуліц — да 4, што існавалі здаўна, далучылася вуліца Прудовая. У мястэчку былі 74 двары, у іх гаспадароў значылася 115 сыноў, 20 братоў і 20 іншых родзічаў мужчынскага полу. Такім чынам, усяго ў Смалявічах было каля 450 жыхароў (калі павялічыць колькасць мужчынскага насельніцтва ўдвая). Пераважалі простыя сем'і, у якіх быў адзін сталы мужчына з сынамі. Так званых непадзеленых сем'яў, у якіх разам жылі дарослыя браты са сваімі жонкамі, было параўнальна няшмат. У цэлым на двор прыпадала каля 6 чалавек, і гэтая лічба была для тых часоў параўнальна нізкай.

Другое мястэчка ў гэтым інвентары ўпершыню выступае не пад старой назвай Багуслаў Поле ці проста Багуслаў, а пад новай, звыклай нам сёння, — Жодзіна. У ім на трох вуліцах (Барысаўская, Мінская і Жодзінская) размяшчаўся 41 двор з 37 сынамі, 14 братамі і 23 іншымі родзічамі. Гэта дае агульную лічбу каля 230 жыхароў абодвух полаў, альбо 5,6 чалавека на двор.

У вёсках Смалявіцкай воласці лічбы былі такія: у Смалявічах — 18 двароў і каля 140 чалавек, у Плісе — 32 двары і каля 200 чалавек, у Шэметаве — 7 двароў і каля 40 чалавек, у Забалоцці — 24 двары і каля 180 чалавек, у Дуброўцы 12 двароў і каля 60 чалавек, у Дайнараўцы — 12 двароў і каля 90 чалавек, у Мікалаеве (Мікалаевічы) — 10 двароў і каля 50 чалавек. У цэлым гэта дае 115 двароў і каля 750 жыхароў, ці прыблізна 6,6 чалавека на двор. Да гэтага трэба да

даць яшчэ 11 зямянскіх гаспадарак у засценках Амяльянаў, Доўгае і Залоззе, колькасць жыхароў у якіх не пазначана.

Характэрна, што ў сялянскіх гаспадарках колькасць братоў і іншых родзічаў была значна вышэйшая, чым у мяшчанскіх: калі ў абодвух мястэчках на 115 двароў прыпадаюць 152 сыны і 79 родзічаў (з іх 34 браты), то на 115 сялянскіх — 154 сыны і 116 родзічаў (у тым ліку 49 братоў). Гэта паказвае, што сярод сялян непадзеленыя сем'і былі болып распаўсюджанай з'явай, чым сярод мяшчан. Сялянскі лад жыцця быў болып патрыярхальны.

Караль Станіслаў Радзівіл памёр у 1790 г., а яго малодшы брат Еранім Вінцэнт — на 4 гады раней. Адзіным спадчыннікам іх уладанняў застаўся яшчэ непаўналетні на той момант сын Ераніма — Дамінік Радзівіл, які атрымаў у спадчыну ўсе ўладанні нясвіжскай галіны роду разам з далучанай да іх спадчынай Людвікі Караліны. Ніколі ні раней, ні пазней у гісторыі Беларусі не ўтваралася такой вялізнай латыфундыі, якая належала ад ной асобе.


[1] [2]

 
 
Форма входа

Календарь новостей
«  Март 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Поиск

Друзья сайта

Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
 

Copyright MyCorp © 2024